| Гістарычны цэнтр Менску. Ці пераможа розум? |
|
|
| Аўтар Васіль Якавенка | |
(скарочаны варыянт надрукаваны ў газеце Народная Воля №35-36 6-7 сакавіка 2008) У 2007 годзе мне давялося бліжэй пазнаёміцца з сучаснымі архітэктурнымі тэндэнцыямі і павевамі ў Мінску, а найперш – з людзьмі неардынарнымі, самавітымі, творчымі. У іх ліку і гэтыя двое – мастак Вашчанка і архітэктар Папруга. З імі аднойчы мы зрабілі невялікую экскурсію па цэнтры горада. Абмяркоўвалі тое, што іх і мяне хвалявала, альбо проста прыцягвала ўвагу. Гутарылі, часам з пэўным заглыбленнем у гісторыю. Архітэктура – гэта тое, што ператварае звычайнае будаўніцтва ў мастацтва. Мастацтва формы, прасторы, аб’ёмаў. Мастацтва ствараць рукатворнае асяроддзе, якое матэрыяльнымі сродкамі адлюстроўвае і фармуюе духоўнае вымярэньне як чалавека, так і эпохі свайго стварэння. Карысць, трываласць, прыгажосць –дэвіз дойлідства ад пачатку ўзнікнення першых вялікіх цывілізацый нашай цудоўнай планеты, якія ў першую чаргу менавіта праз дойлідства данеслі яны да нас сваю веліч. І тое, застаецца ў свядомасці наступных пакаленняў тая ці іншая эпоха, ці прамінае незаўважанай – залежыць у першаю чаргу ад таго, што яна пасля сабе пакідае. Найбольш трывалым і выразным адбіткам любых часоў ёсць адзіная ўніверсальная найбольш ёмкая форма, у якую гэтыя часы неўнікнёна “адліваюцца”. Гэта форма архітэктурнага асяроддзя, якую кожная эпоха пасля сабе пакідае. Архітэктурнае асяроддзе, якую кожная эпоха пасля сабе пакідае найбольш дасканала сведчыць аб сапраўднай сутнасці часу свайго стварэння, з’яўляецца дасканалым люстэркам яе духоўнага, культурнага, сацыяльнага, эканамічнага, тэхналагічнага і іншых вымярэнняў. Архітэктурнае асяроддзе ўздзейнічае на свядомасць людзей. Ад яго залежыць, фармуе яно гэтую свядомасць, ці наадварот, разбурае. Свядомасць, фармаваная альбо дэфармаваная архітэктурным асяроддзем (будынкам, кварталам, вуліцай, горадам)- зваротна ўплывае на грамадства, у якім тое асяроддзе створана. Такая тут узаемазалежнасць, і такая місыя дойлідства.
Вашчанка Гаўрыла, Народны мастак Беларусі: — Я пражыў эпоху, якая параджала дзівосныя парадоксы. Лічылася, напрыклад, дзікунствам тое, што ў свой час войскі Напалеона ў Маскве размяшчалі канюшні ў велічных саборах, адначасова ўспрымалася як нармальная з'ява, калі ў савецкі перыяд ў тых жа храмах былі турмы, склады, майстэрні… Пры панаванні бальшавіцкага рэжыму заўжды адмоўна ставіліся да прапаноў па захаванні архітэктурнай спадчыны, гістарычных і культавых будынкаў. Ніяк нельга было пераламаць настрой: "Мы старый мир разрушим до основанья, а затем…" А навошта было бурыць? Стары свет з ягонай матэрыяльнай культурай нікому не перашкаджаў, больш таго — ён заўжды фарміруе і сучаснасць, і будучыню...
Папруга Уладзімір, былы Галоўны дзяржаўны інспектар Мінгарвыканкама па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, архітэктар, па ўзросту, бадай, – сын свайму субяседніку. Ён тлумачыць нам і не столькі нам, колькі маладым людзям, якія аказаліся побач на плошчы і з захапленнем глядзелі, на пышную бараду Вашчанкі. Папруга казаў: Гэтая праблема – практычнае стаўленне да ўласнай гісторыка-культурнай спадчыны-мае вельмі доўгую гісторыю, значна глыбейшую, чым гэта часам уяўляецца сучаснымі ўдзельнікамі працэса. Па гэтай прычыне кожная новая спроба “вырашыць праблему, навесці парадак, рэканструяваць і рэстаўраваць” толькі паглыбляе канфлікт, за вырашэнне якога нашым наступнікам прыйдзецца плаціць з кожным годам такога “асваення” усё большую і большую цану. Грэблівасць, агэсіўнае ігнараванне ўласнай гісторыі- з’ява па паходжанні не беларуская, а вынік стараннай і свядомай работы, якая пачалася ў Беларусі ня намі і ня сёння, нават ня ўчора. З 1795 года, пасля інкарпарацыі нашых земляў ў склад Расійскай імперыі, пачалася гэтая “невядомая” вайна. Кіраўніцтва Расійскай імперыі усімі наяўнымі сродкамі імкнулася як найхутчэй падтвердзіць свой тэзіс аб “ісціннай рускасці” беларускіх земляў, які выконваў для імперыі ролю маральнага апраўдання ў зьдзяйсненні вышэйпамянёнай інкарпарацыі. Нівелюючы ўсе тое, чым нашая краіна, ад той самай ў прачытанні маскоўскай дзяржавай “ісціннай рускасці”, і адрозьнівалася. Агрэсіўна, свядома, сістэмна і безперапынна, фармальна з таго самага 1795г., і пачалі знішчацца ўсе нацыянальныя адметнасці беларусаў. Палякам, якія адначасова з намі трапілі ў склад імперыі, праз дваццаць год у 1815г., была вернутая фармальная незалежнасць у выглядзе аўтаноміі пад расейскім пратэктаратам. Беларускія ж землі былі адміністрацыйна парэзаныя і ўключаныя ў склад імперыі ў выглядзе губерній- што да болі нагадвае фармат стварэння “саюзнай дзяржавы” у бачанні сённяшніх маскоўскіх стратэгаў. Працэс інтэграцыі дзьвух краінаў, які насамрэч пачаўся з 1795г., так і гэтуль ня можа завершыцца на ўмовах, вось ужо на працягу больш чым двух сотняў гадоў навязваемых Масквой. Адрозненняў і тады было куды больш, чым падабенства. Нават мястэчкі ў нас мелі еўрапейскую планіровачную структуру і адпаведную архітэктуру. Мелі Магдэбурскае права з Ратушамі як сімваламі самакіравання. У Беларусі не было ніводнага праваслаўнага храма ў “истинно русском” стылі. Галоўнай праваслаўнай святыняй у Мінску (адпаведна і краіны?) і дагэтуль з’яўляецца каталіцкі жаночы бернардынскі кляштар, збудаваны ў стылі віленскага барокка. Сам выгляд нашых гарадоў і мястэчак з’яўляўся, ды й да гэтуль з’яўляецца, дзе яшчэ што ацалела, найвыразнейшым доказам, што “ісцінная рускасць” Беларусі мае зусім іншае паходжаньне, ня маючы нічога агульнага з “ісціннай рускасцю” маскоўскай дзяржавы. Сродкі, якія ўжываліся метраполіяй у адносінах да “аўтономнай Польшчы” і беларускіх земляў вызначаліся менавіта адрознасцю адміністрацыйнага статусу частак былой канфедэрацыі Рэчы Паспалітай у складзе Расійскай імперыі. Імперскае кіраўніцтва не магло сабе дазволіць правядзення палітыкі знішчэння ці перабудовы “некананічных” і “нехарактэрных” архітэктурных аб’ектаў у дачыненні да аўтаномнай у межах імперыі Польшчы. Асноўным сродкам правядзення асіміляцыйнай палітыкі быў абраны вельмі рэсурсаёмкі прыём будаўніцтва на тэрыторыі Польшчы аб’ектаў у “ісцінна русскім стылі”, якія павінны былі б увасабляць веліч імперыі. Гэты прыём ужываўся і ва ўзаемадвчыненнях паміж двума краінамі і стагоддзем пазней, ужо кіраўніцтва СССР у дачыненні да Польшчы, як часткі “сацыялістычнага лагеру” пасля 1945г. Беларускія ж землі, інкарпараваныя ў склад імперыі адначасова з Польшчай, не патрабавалі такой вытанчанасці ў падыходах пры вырашэнні асіміляцыйных задач менавіта дзякуючы “губарнскай” схеме адміністрацыйнага кіравання, якая была накінутая Беларусі. Самым эфектыўным спосабам “зьняць пытанне”- разам з забаронай на ўласную мову, гісторыю і нават назву краіны ў сферы духоўнай, ў сферы матэрыяльнай зрабілася знішчэнне ўсяго масыва адрозненняў, увасобленых у архітэктурным асяроддзі нашых гарадоў і мястэчак. Зразумела, што такія маштабныя задачы ня могуць быць вырашаныя на працягу двух-трох пакаленняў. Фармальна, яны ня вырашаныя і дагэтуль. Тое, што адбываецца сёння з гістарычнымі цэнтрамі нашых гарадоў ёсць працягам вельмі даўняй і непрыгожай гісторыі, якая ня толькі яшчэ не завершаная, але, як выглядае на прыкладзе Мінска, хутчэй спрабуе ўвайсці ў нейкую “кульмінацыйную” фазу. Выкананне ідэалагічных праграм, больш за дзьвесце год таму навязаных адміністрацыяй суседняй дзяржавы, ёсць працэсам цалкам зразумелым і лагічным, з пункту гледжання менавіта гэтай дзяржавы, аж да 1993г. Але абсурдам выглядае выкананне гэтай праграмы ў фармаце незалежнай Рэспублікі Беларусь. Альбо сведчыць аб акупацыйным характары адміністрацыі, якая падобную палітыку ажыццяўляе. Генеральным планам Мінска 1965 года, і ў адпаведнасці з вынікамі праведзенага ў 1969 “архітэктурнага конкурса”, гістарычны цэнтр сталіцы быў прыгавораны да знішчэння. У канцы 70-х, Мінкультуры БССР разам з Мінгарвыканкам “узгаднілі” знос усяго Верхняга Горада. Выратаваў тады гістарычны цэнтр выключны збег акалічнасьцяў - непасрэднае ўмяшальніцтва, на просьбу спецыялістаў і ітэлігенцыі, вышэйшага кіраўніка БССР у мінгарвыканкомаўскія “планы асваення” гэтай пляцоўкі. Вынікам мы маем сёння на гэтай тэрыторыі гісторыка-культурную каштоўнасць найвышэйшай нацыянальнай катэгорыі. Але калі працэс ужо сёняшняга “асваення” не скарэктаваць- мы гэтую каштоўнасць безумоўна страцім...
Гаўрыла Вашчанка: — Перад намі Палац Рэспублікі… Будынак мажны, але ў ансамбль, раней створаны тут, не ўпісваецца. Калісьці на гэтым месцы, толькі крыху глыбей, планавалася паставіць музей У.І.Леніна. Зыходзячы з тых жа планаў, увесь Верхні горад ішоў пад знос. Меркавалася пакінуць толькі комплексы былых жаночага і мужчынскага бернардзінскіх кляштараў. Планавалі на схіле гары размясціць каскад фантанаў, як у Пецяргофе. Былі сямідзесятыя гады… Вядома, не ўсім такі праект падабаўся. У той час Саюзам мастакоў БССР кіраваў Стэльмашонак. А я быў сакратаром і ўваходзіў у склад Мемарыяльнай мастакоўскай камісіі ў Маскве. Нам вельмі карцела выступіць з альтэрнатыўнай ініцыятывай. Адно патрабавалася — грунтоўная падрыхтоўка. Патрэбны былі незалежныя спецыялісты. Дзе іх узяць?.. І запрасілі мы з Масквы майстроў сваёй справы. Разам з нашымі спецыялістамі ўтварылі групу для распрацоўкі альтэрнатыўнага праекта. Распрацавалі. Выставілі на агляд у Палацы мастацтваў. Запрасілі першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава, іншых высокіх асоб — кіраўнікоў устаноў культуры і горадабудаўніцтва. І што далей? Супраць альтэрнатыўнага праекта ніхто не пярэчыў. Толькі ж сумненні ў Машэрава яшчэ заставаліся. І пайшлі мы з ім разам сюды, на плошчу. Ходзім, глядзім… "Пётр Міронавіч, — кажу, — уявіце на тым схіле фантаны… З аднаго боку паглядзіце на іх, з другога… Пагадзіцеся, што яны ніадкуль не будуць бачныя нават з вышыні вашага двухметровага росту!" Машэраў мусіў пагадзіцца. Адцураўся тады ён ранейшага плана, хоць быў той план ужо і зацверджаны ў ЦК КПБ. Раскажу яшчэ эпізод. Аднойчы архітэктары прапанавалі мне распрацаваць вітражы для Дома кіно ў Чырвоным касцёле. Увогуле будынак касцёла планавалася знесці яшчэ з канца 1950-х і на тым месцы пабудаваць панарамны кінатэатр. Дзякуй богу, не паспяшаліся з выкананнем таго рашэння, а маглі б і тут наламаць дроў. Касцёл ужо быў перагароджаны на два паверхі. Другі паверх хацелі разбіць на мноства кабінетаў і кабінецікаў. Я параіў не рабіць гэтага, а адвесці заліты з усіх бакоў святлом паверх пад актавую залу. О, якая прыгажосць там потым была! Паставілі вітражы, і мы наладзілі там выставу праекта забудовы горада. Прыйшлі Машэраў, Кісялёў, Кузьмін, іншае высокае начальства. Быў пахмурны і ветраны дзень. Сонца выблісне — вітражы як зайграюць! Боская прыгажосць! Захоплены гэтым відовішчам Машэраў і гаворыць сваім паплечнікам з ноткай пакаяння: "Ну, бачыце, што ў каменнай прасторы творыцца, а мы хацелі разбурыць і знесці такую каштоўнасць!" Кузьмін, сакратар ЦК па ідэалогіі, той потым мне з вока на вока: "А вы, шаноўны, ведаеце, што ў мяне на стале сотні пісем ляжыць ад вернікаў — вярнуць ім касцёл!!! Ці не дарэмна ў такім разе вы вітражы распрацоўвалі?" — "Не, — адказваю, — і касцёлу вітражы спатрэбяцца".
Тут я палічыў за патрэбу расказаць невыпадковым сваім субяседнікам пра маё ўласнае ўражанне ад сцен Дома кіно, бо ў 1976—1977 гадах працаваў там адказным сакратаром Саюза кінематаграфістаў БССР. Саюзам тады кіраваў Віктар Тураў. Праўда, мне рупіла паведаць ім не столькі пра сваё захапленне, колькі яшчэ пра адну прыгоду, што нітавалася з імем Машэрава. Мы прымалі ў Доме кіно вялікую дэлегацыю Саюза кінематаграфістаў СССР на чале з С.Герасімавым. Майстры кіно праводзілі ў нас свой выязны пленум. Што абмяркоўвалася на ім — цяпер не адразу і прыгадаеш. Але на другі дзень стала вядома: даў згоду прыняць маскоўскіх гасцей Машэраў. І вось гэта неўзабаве засланіла ўсе іншыя ўражанні і пачуцці масквічоў. Яны ішлі на прыём, разлічваючы на 15-хвілінную дзяжурную сустрэчу і гаману, прадугледжаную этыкетам гасціннасці. А прасядзелі ў кабінеце першага сакратара ЦК КПБ з раскрытымі ратамі ажно дзве з паловай гадзіны, і размова ішла толькі пра кіно. І ніхто з іх — ніводзін прафесійны кінематаграфіст з таго тузіна, апроч хіба Сяргея Герасімава, не ў стане быў падтрымліваць размову з Машэравым на тым узроўні, на якім гаспадар кабінета яе павёў. Яны былі ашарашаныя той сустрэчай. Пасля сустрэчы я бачыў захапленне на іх тварах, слухаў, што казалі яны. "Чаму ён у вас не выступае штотыдзень перад народам па тэлебачанні? — пыталіся, усхваляваныя. — Гэта ж трыбун!" І адказаць ім не было чаго. Не сакрэт, што на кожны свой крок Машэраў павінен быў браць дазвол там, дзе не было ні таго ягонага таленту, ні таго ягонага розуму і, само сабой, не было і не павінна было быць ніякага трыбуна.
Калі я скончыў, да тэмы гаворкі вярнуўся Уладзімір Папруга: — Галоўнай драмай для гістарычнай забудовы і гістарычнай планіровачнай структуры, для ўсяго масіву, які ацалеў у вайну, стала яго планамернае вынішчэнне пасля вайны. Афіцыйная версія сарамліва даводзіць, што падчас Другой сусветнай вайны гістарычны цэнтр быў цалкам знішчаны. Спецыялісты ведаюць, што гэта няпраўда. У Мінску за ўсю вайну не адбылося ніводнага вулічнага бою. Разбурэнні тут былі не большыя за разбурэнні іншых еўрапейскіх гарадоў і непараўнальныя, напрыклад, з блізкай Варшавай. Ніводзін акупант у свеце не здольны знішчыць асноўнае ў любым гістарычным горадзе — ягоную планіровачную структуру. Гэтым пасля вайны мэтанакіравана занялася савецкая адміністрацыя — у поўнай адпаведнасці з яшчэ даваеннымі планамі "рэканструкцыі" 1936—1938 гадоў. Я не ведаю ў сусветнай гісторыі прыкладаў вынішчэння не толькі ўласнай спадчыны, але і чужой у падобных маштабах. Мы, бадай, адзіная нацыя ў Еўропе, якая дагэтуль не ведае, што ў яе ляжыць пад нагамі.
Гаўрыла Вашчанка: — Бяда ў тым, што дагэтуль стары горад не рэстаўрыруецца, а рэканструіруецца. Праўда, штосьці яшчэ захавалася. Але было б куды болей, дык былы галоўны архітэктар горада Сяргей Мусінскі, знаходзячыся пад уплывам бальшавіцкай гігантаманіі, літаральна ўзламаў забудову Нямігі сваім мастадонтам на цэлы квартал: наце вам Гандлёвы дом на Нямізе! Гэтым Домам была перакрытая вуліца Астроўскага (цяпер Ракаўская)… Па другі бок — знесена Няміга. А за Свіслаччу — стылізацыя, дзе ні на грам аўтэнтычнага. У Траецкім прадмесці будынкі прылізаныя, асучасненыя — фанерны горад! У цэлым скрозь усё парэзана, пакручана, знішчана без патрэбы.
Уладзімір Папруга: — Цяпер у Беларусі сцерлі разуменне таго, што ёсць насамрэч рэстаўрацыйны працэс. Апаратам Мінкультуры свядома знішчана сама сістэма ацэначных крытэрыяў. Так званыя эксперты, якія абгрунтоўваюць горадабудаўнічую палітыку адміністрацыі горада, ідуць не ад свайго назапашанага вопыту, а ад суб'ектыўных успамінаў, што колісь бачылі з вокнаў аўтобуса дзе-небудзь у Страсбурзе ці падчас выпадковага некалькігадзіннага наведвання Венецыі. Што насамрэч бачылі шаноўныя дыскутанты, застаецца і дагэтуль для іх загадкай, але суб'ектыўныя аргументы, ад якіх Беларусь штораз страчвае кожны наступны фрагмент сябе самой, гучаць і надалей. І сёння ўжо нікога не турбуе, што аўтэнтычна дахі жылой забудовы ХІХ стагоддзя ў Мінску ніколі не мелі дахоўкі, а спрэс былі крытыя бляхай. Тым не менш Траецкае прадмесце і дагэтуль лічыцца за "ўзор" рэстаўрацыі.
Гаўрыла Вашчанка: — Неяк падчас нашых адраджэнцкіх клопатаў была ў мастакоў і архітэктараў ідэя стварыць у Мінску гісторыка-архітэктурны запаведнік па прынцыпе Полацкага. Толькі не ў абстрактным сэнсе запаведнай тэрыторыі, унесенай у дзяржаўны спіс, а ў статусе навукова-даследчай установы з адпаведным штатам даследчыкаў, гісторыкаў, з адпаведнымі правамі і паўнамоцтвамі. Пад адным з ім дахам, між іншым, мог бы знайсці месца і музей гісторыі Мінска, пра які пятнаццаць гадоў ужо безвынікова вядзецца гаворка. Я ведаю, Уладзімір Адамавіч, што вы гэту ідэю горача падтрымлівалі і падтрымліваеце. Мяркую, што, стварыўшы падобную даследчую ўстанову, якая б сумяшчала функцыі гаспадара і заказчыка, мы маглі б годна выйсці з сучаснага крызісу ў гістарычных кутках Мінска.
Неўзабаве, пакінуўшы Кастрычніцкую плошчу, мы выйшлі на плошчу Свабоды, спыніліся каля ратушы, адноўленай у апошнія гады. Цяпер я люблю гэты высокі і адметны куток горада. Настрой, праўда, псуюць шматпалосная транспартная магістраль ды шыльды на піўным рэстаране, што месціцца ў былых гандлёвых радах. Яны выкананы ў тым жа кандовым, старарэжымным расійскім духу: "Ресторанъ пивной". І побач: "У Адмирала", Ресторан "Винарня". Слова "вінарня", дарэчы, больш адпавядае не расійскаму стылю, а беларускаму ладу гучання… Недарэчнае атачэнне для ратушы! Але ўжо сам факт аднаўлення ратушы, нават у такім не дужа аўтэнтычным выкананні — свята душы. Вось бы выканаць да канца тое самае рашэнне Мінгарвыканкама, у адпаведнасці з якім была адноўлена ратуша, ды аднавіць і рэнесансную царкву Святога духу, якая выходзіла сюды сваім велічным фасадам! Цяпер, калі я чую тут размераны бой "курантаў", меладычны і чысты, як сама вечнасць, мне кожны раз прыгадваецца іншы ўрачысты момант. Былі то ці не шасцідзесятыя гады, напрыканцы, ці, можа, пачатак сямідзесятых — у вялікім квадратным гадзінніку на сталічным Галоўпаштамце ўсталявалі механізм, які надаваў яму, гадзінніку, ролю дзяржаўных курантаў. І вось праз пэўны тэрмін на слых клаўся не толькі бой, але і мелодыя песні-гімна "Радзіма мая дарагая…". Не думаю, каб тое чынілася ў сталіцы без увагі Машэрава, Кузьміна, не гаворачы ўжо пра гарадскія ўлады. На жаль, той гадзіннік на Галоўпаштамце спяваў гімн аб нацыянальнай адметнасці беларусаў усяго толькі месяц ці трохі болей — да часу, пакуль яго голас не дайшоў да Масквы. …Перад намі, калі мы трохі адышлі ад ратушы ў бок Свята-Духавага кафедральнага Сабора (былога жаночага бернардзінскага кляштара), адкрылася панарама Ніжняга горада ў нагрувашчванні камяніц уздоўж Свіслачы і па праспекце Пераможцаў (былой Паркавай магістралі). Леваруч у паветры перасякаў вуліцу Нямігу "путепровод" — мост з вуліцы Леніна на цяперашні праспект Пераможцаў. Уладзімір Папруга звярнуў нашу ўвагу на транспартны затор на вуліцы Леніна, як на нешта недарэчнае. А ніжэй, на Нямізе, сітуацыя з транспартным рухам была ніколькі не лепшая. Да таго ж я ведаў, што там, каля Гандлёвага дома, дзе заўсёды густа тоўпіцца люд, дыму, смогу таго — не прадыхнуць. Папруга бачыў іншае рашэнне транспартнай развязкі, і не толькі ў гэтым месцы. У гаворку ўступілі маладыя людзі, якія, як мы заўважылі, даўно прыклеіліся да нас. Ды і як яны, студэнты архітэктурнага факультэта, маглі не "зачапіцца" за такіх абарыгенаў, як Вашчанка і Папруга.
— Маладыя людзi: Мы чулі, што з'явіўся альтэрнатыўны праект рэканструкцыі, рэстаўрацыі і аднаўлення гістарычнага цэнтра Мінска. Вы, спадар Папруга, і ёсць аўтар? Гэта праўда, што вы, пакінуўшы пасаду ў Мінгарвыканкаме, колькі год працавалі адзін над гэтым праектам? Бясплатна…
Уладзімір Папруга: — Сапраўды, пяць гадоў я аддаў гэтаму праекту. Вялікім было расчараванне ад таго, што ў архітэктурнай практыцы рабілася і робіцца дагэтуль. Хацелася нейкім чынам паспрыяць больш людскаму абыходжанню з гісторыка-культурнай спадчынай Мінска ды ўвесці яе ў прававое поле (створанае дзеючым і, на вялікі жаль, не дзеючым заканадаўствам). Не мной адным, а групай спецыялістаў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі быў накіраваны на пачатку лютага 2005 года кіраўніку дзяржавы, у Пракуратуру Рэспублікі Беларусь і Камітэт дзяржкантролю зварот з просьбай аказаць дапамогу. Яна патрэбна ў вырашэнні праблемы спадчыны, і не толькі спадчыны, але і далейшага лёсу сталіцы ў цэлым. Фактаў шматлікіх парушэнняў нарматыўна-прававой базы, пералічаных у звароце, ніхто не аспрэчваў, але і за рашэнне праблемы ніхто таксама не ўзяўся — нібыта з-за адсутнасці горадабудаўнічай альтэрнатывы. Толькі ж акцэнты ў звароце ставіліся менавіта на прававых пытаннях, на іх вырашэнні, паколькі альтэрнатыўнага бачання не было прадстаўлена, а наш праект не быў завершаны. У любым выпадку галоўнае ўсё ж — дакладнае выкананне заканадаўства. Бо толькі гэта можа гарантаваць ад мажлівых памылак у абыходжанні з гісторыка-культурнай каштоўнасцю і забяспечыць далейшую перадачу гэтага скарбу наступным пакаленням ва ўсім багацці яго аўтэнтычнасці. Крыжападобная транспартная развязка Няміга — Паркавая магістраль, якую вы бачыце, была заклікана разгрузіць горад. На самай справе яна "пахавала" пад сабою найбольш каштоўную ў гістарычным плане тэрыторыю і неверагодна ўскладніла транспартны рух сталіцы. Як вынік: двухмільённы горад сёння практычна зведзены да адзінага "галоўнага" скрыжавання ў раёне ГУМа. Шасціпалосная Паркавая магістраль нечакана ўпіраецца ў сціплы дачны пасёлак у раёне Ждановічаў, а Няміга—Багдановіча заканчваецца тупіком на вуліцы Кальцова. З пункту гледжання горадабудаўнічай логікі, два "канцы" новаствораных восяў з'яўляюцца "шляхам у нікуды". Штучнасць і нежыццяздольнасць гэтай схемы відавочная. У Мінску радыяльная гістарычная планіровачная схема пасля вайны свядома знішчана, а альтэрнатыўную дагэтуль не стварылі. Транспарт, які карыстаецца згаданай тут развязкай, на 97 працэнтаў сёння з'яўляецца звычайным транзітам. У гэты самы цэнтр няма нават з'ездаў ад Гарадскога Валу аж да вуліцы Купалы. Мы свядома, насуперак Закону "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны", не толькі сабралі ўвесь мажлівы транзіт менавіта там, адкуль усе буйныя гарады яго выводзяць, але і актыўна замацоўваем гэтыя "дасягненні" новым нагрувашчваннем чужародных будынкаў.
Гаўрыла Вашчанка: — Я мяркую, Уладзімір Адамавіч, што па абгрунтаванасці і глыбіні распрацоўкі, па арыгінальнасці, урэшце, ваш альтэрнатыўны праект не мае нічога, з чым яго можна было б супаставіць. Да яго будзе ўвага, не сёння, дык заўтра — ніхто не асмеліцца праігнараваць гэта мастацкае і перш-наперш горадабудаўнічае рашэнне. Як ні круці, а гэта ўжо гістарычны факт, і прыклад для вырашэння праблемы, і прафесійная адказнасць...
Маладыя людзі: — Спадар Папруга, а што ж трэба зрабіць у першую чаргу згодна з вашым праектам?
Уладзімір Папруга: — Гістарычны цэнтр сталіцы, пра які тут гаворка, гэта ўсяго 0,3 працэнта яго сучаснай тэрыторыі. Дыяметр Старога Мінска — 400—700 метраў, у адрозненне, напрыклад, ад 3—4-кіламетровага дыяметру гістарычнага цэнтра Рыма, але там нікому і ў галаву не прыйдзе вырашаць горадабудаўнічыя праблемы "нашымі" метадамі. Вартасць гістарычнага Мінска проста неацэнная. У ім ягоная тысячагадовая душа. І — ці застанецца яна надалей? Каб не замацоўваць новымі аб'ектамі горадабудаўнічыя пралікі 70-гадовай даўніны, а, наадварот, звесці да мінімуму іх уплыў у будучым, трэба тэрмінова перагледзець транспартную схему ў абслугоўванні планіровачнага ядра сталіцы. І зноў жа з гэтым ніхто не спрачаецца, што нават дакументальна зафіксавана. Але пры незавершанасці і нескарэктаванасці транспартнай схемы на тэрыторыі гістарычнага цэнтра явачным парадкам закладваюцца новыя аб'екты, якія састарэлую транспартную схему замацуюць настолькі, што яе карэкціроўка стане мажлівай толькі пры ўмове вынасу адсюль гэтых самых аб'ектаў, якія будуюцца і праектуюцца сёння. Толькі прамыя затраты на выпраўленне горадабудаўнічых памылак, якія сёння інерцыйна дапускаюцца, будуць роўныя кошту сённяшніх інвестыцый. Фінансавая рызыка інвестараў між тым бязмежная. І неяк ужо зусім шэра і бязрадасна на гэтым фоне бачацца службовыя асобы, якія ідуць на прыняцце супрацьпраўных рашэнняў і іх узгадняюць.
… Калі мы развітваліся, мне падумалася: эх, дарэмна не запрасілі галоўнага гораданачальніка спадара Міхаіла Паўлава. Абавязкова трэба зрабіць, каб ён хоць прачытаў гэтую публікацыю. Спасылкі па тэме: |
| « Назад | Далей » |
|---|



