| Што спыніць сённяшніх герастратаў? |
|
|
Архітэктар, былы галоўны дзяржаўны інспектар па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Мінгарвыканкома сп. Уладзімер Папруга, выхаванец ICCROM (міжнароднай інстытуцыі, створанай пад патранатам ЮНЭСКА ў 1959г. у Рыме як галоўны метадычны цэнтр для кансультацый апошняй ў дачыненьні да гісторыка-культурнай спадчыны), Лаўрэат Прэміі Прафсаюзаў БССР у галіне архітэктуры, каментуе здымкі, зробленыя фотакорам НН у Нясвіжскім замку. НН: Спадар Папруга, калі меркаваць па здымках, зробленых у Нясвіжскім замку, то тое, што там адбываецца, нагадвае не рэстаўрацыю, а папросту разбурэньне, якое можа шакаваць чалавека, далёкага ад рэстаўрацыйных методык. Уладзімер Папруга: Гэта і ёсьць разбурэньне, і яно шакуе не толькі людзей, далёкіх ад рэстаўрацыі, але найперш спецыялістаў. Існуе нарматыўна-прававая база, датычная рэстаўрацыі, распрацаваныя метадыкі і адпаведная працэдура, але ўсе яны ў сучаснай Беларусі па невядомых прычынах не выконваюцца. На працягу апошніх 10-15 гадоў рэстаўрацыйны бамонд (маю на ўвазе найперш “рэстаўратараў” з Міністэрства культуры) замяняе сапраўдную рэстаўрацыю аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны іх разбурэньнем і стварэньнем на іх месцы макетаў – цалкам з сучасных матэрыялаў. Рэстаўрацыя па-просту падмяняецца імітацыяй. Тое, што зараз адбываецца з Нясвіжскім замкам, толькі на працягу апошняга няпоўнага месяца “па зьбегу акалічнасьцяў” таксама адбылося і з шэрагам помнікаў Гістарычнага цэнтру Менску- у такім самым рэжыме цалкам знесеныя шэраг помнікаў па вул. Койданаўская (цяпер Рэвалюцыйная) 10, 14, 19, на працягу толькі апошняга тыдня-Камсамольская 15... Калі крыху пашырыць часовыя рамкі да памераў года-дзьвух, са зьдзіўленьнем заўважым што тое самае “здарылася” з аб’ектамі Дзяржаўнага сьпісу Рэспублікі Беларусь па вул. Гандлёвая 27, 19, Кірылы і Мяфодзія 4. Ну а калі “уключым” у схему і масавае сучаснае будаўніцтва на тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасці, якога ў прынцыпе ня можа на гэткіх тэрыторыях адбывацца, прычым ня толькі ў Менску, але і ў Варшаве, і у Рыме і Вене таксама, то застанецца згадзіцца з тым, што насамрэч мы маем дачыненьне з масавым знішчэньнем гісторыка-культурнай спадчыны краіны, а не з праявамі фатальнай “выпадковасьці”. Зьнішчаецца аўтэнтыка гісторыка-культурнай каштоўнасьці -- знішчаецца і сама каштоўнасьць. Цалкам лагічным ў сувязі з гэтым фактам выглядае і нядаўняе скандальнае прызнаньне на круглым стале ў рэдакцыі “Савецкай Белорусіі” сучаснага галоўнага стратэга і тэарэтыка у пытаньнях падрыхтоўкі навукова-падобных абгрунтаваньняў, якія легітымуюць увесь дэструктыўны працэс-сп. Чарняўскага з Міністэрства культуры, які заявіў, што пытаньні аўтэнтыкі датычыць толькі аб’ектаў, унесеных у Спіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА. Для астатніх, маўляў, гэта неістотна. З чаго вынікае, што 99.9% аб’ектаў сённяшняга Дзяржаўнага сьпісу “можна” зьнесьці, замяніўшы макетам з гасасілікату і бляхадахоўкай. Што ў массавым парадку і адбываецца. НН: Але Нясвіжскі замак як раз і ўнесены ў гэты сьпіс.
Уладзімер Папруга: Нясвіжскі замак (разам з Мірскім замкам і Белавежскай пушчай) мае ў гэтым спісе катэгорыю 0. Гістарычны цэнтр Менску мае 1 найвышэйшую нацыянальную катэгорыю. Але калі “спосаб”, дзе ўся ацалелая да сёння нерухомая спадчына зьнішчаецца і падмяняецца сучасным макетаваньнем , ужо вынайдзены, то на дробязі належыць аб’ект да сьпісу ЮНЭСКА ці РБ увага папросту не зьвяртаецца, што дарэчы з’яўляецца яшчэ адным красамоўным доказам сістэмнасьці назіраемай з’явы.
З асаблівым цынізмам Менгарвыканком сумесна з Мінкультуры Рэспублікі Беларусь адзначылі сёлета да прыкладу 18 красавіка -Міжнародны дзень Гісторыка-культурнай спадчыны ЮНЭСКА.
Спачатку, амаль напярэдадні быў знішчаны цэлы шэраг будынкаў былой вул.Койданаўская (гл. вышэй). Потым невядома з якіх прычынаў знікла цэлая вежа Пішчалаўскага Замку...
Для мяне проста містычнай з’явай падаецца сам факт акурат 18 красавіка унікальнай знаходкі паміж былымі вуліцамі Койданаўская і Збаровая. На паграніччы былога абарончага Гарадскога Вала - на Міжнародны дзень аховы гісторыка-культурнай спадчыны - свой апошні “залп пагарды з 18 стагодьзя” па герастратам Мінгарвыканкома і Мінкультуры зрабілі дзьве гарматы, выпадкова знойдзеныя НЕ ПАД ЧАС правядзеньня раскопак у сувязі з комплекснымі навуковымі даследваньнямі, неабходнымі для далейшага прыняцця рашэньняў ў дачыненьні да гісторыка-культурнай каштоўнасці для патрэбаў наступнай навукова-абгрунтаванай рэгенерацыі, а падчас скандальнага “новага будаўніцтва”.
Сам факт гэтага будаўніцтва, як і будаўніцтва на Нямізе, як і будаўніцтва 30-ці павярховага гмаха на Замчышчы 11ст.- жорстка супярэчыць ня толькі Закону Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны” і ўсім вядомым міжнародным ахоўным дакументам, але і дакладна прапісанымі і жорсткім рэгламентам Праекта Дэтальнага плана Гістарычнага цэнтра, які толькі 30 сакавіка 2006г. ўрачыста быў зацьверджаны Рашэньнем Мінгарвыканкама №617, у рэчышчы выкананьня Прэзідэнтскай праграмы “рэканструкцыі” Гістарычнага цэнтра сталіцы. Парушаны базавыя палажэньні Дэтальнага плана, аб падрыхтоўцы якога мінгарвыканкам урачыста адрапартаваў кіраўніку дзяржавы!
Мінкультуры, сістэмна сабатуючы правядзеньне комплексных навуковых даследваньняў на тэрыторыі Гістарычнага цэнтра сталіцы Беларусі, шмат гадоў пераконвала менчукоў што тут “нічога няма”. І ніколі не было. Менавіта як і ў гэтым выпадку, без правядзеньня археалягічна-архітэктурных абмераў і комплексных навуковых даследваньняў у поўным аб’ёме, з фактычнай фармулёўкай “на гэтай тэрыторыі ніколі не існавала гістарычнай забудовы” – была аддадзеная пад забудову рыначнымі комплексамі ў рэжыме вул.Кульман і летапісная Няміга.
І толькі выпадковыя знаходкі ўжо пры правядзеньні будаўнічых работаў, як тыя гарматы (якія проста так у Шабаны на сьметнік, як увесь дагэтуль вывозімы культурны пласт з Нямігі, Гандлёвай ці тэрыторыі Першага Гарадскога тэатра, а раней рэзідэнцыі Радзівілаў у Менску, не завязеш), кажуць аб адваротным...
Нясвіжсаму замку ня дзьве ці тысяча год, як некаторым помнікам Рыма, што і зараз знаходзяцца ў зайздросным стане. Гэты замак ніколі ня быў у руінах, на працягу ўсёй сваёй гісторыі ён актыўна ўжываўся. І раптам аказваецца, што ён знаходзіцца ў такім стане, што трэба яго разбурыць, бо немагчыма ўтрымаць! Гэта папросту шулерства, бандытызм. У любой краіне разабрацца ў гэтай гісторыі, як і ва ўсіх астатніх сюжэтах, датычных падыходаў мінкультуры да гісторыка-культурнай спадчыны, якое і легітымізуе ўвесь гэты балаган – гэта ня справа грамадскасьці, СМІ, круглых сталоў, а руцінная работа Пракуратуры, ці Камітэту дзяржаўнага кантролю. Я сапраўды не разумею, чаму ў нашай, самай некарумпаванай дзяржаве, з самым народным урадам і прэзідэнтам, гэта ўсё адбываецца? Даўно наспела неабходнасьць правядзеньеня комплекнай кантрольнай праверкі ў дачыненьні да ўсяго шэрагу неадпаведнасьцяў нарматыўна-прававой базе РБ у дачынентні да гісторыка-култьурных каштоўнасьцяў. Выглядае на тое, што вышэйпералічаныя надзорныя інстанцыі без правядзеньян падобнай праверкі не ў стане паасобку вырашыць праблему.
Тым больш, што на іхнім рахунку ўжо маецца цалкам адпрацаваны юрыдычны прэцэдзнт падобных дзеяньняў у дачыненьні да той жа Нямігі на пачатку 2000 году, з прыцягненьнем неабходных заключэньняў спецыялізаваных арганізацыяў, якія і да сёння з’яўляюцца актуальнымі,з вынясеньнем цалкам адэкватных арганізацыйных высноваў. Але сапраўды дэтэктыўным сюжэтам, які патрабуе спецыяльнага разгляду той жа Пракуратуры, з’яўляецца факт далейшага будаўніцтва на гэтай жа тэрыторыі аб’екта, які ўсім раней выданым заключэньням і нарматыўна-прававой базе РБ скандальна супярэчыць, ствараючы ў навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь юрыдычны прэцэдэнт, без адэкватнага разгляду якога ў далейшым апеляваць да выкананьня прававой базы ў дачыненні да гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі проста не прадстаўляецца магчымым. У гэтым сюжэце ёсць ўсё: ад дэзынфармацыі дзяржаўных надзорчых органаў, эквілібрыстыкі з матывацыйнымі інтэнцыямі з падробкай праектых матэрыялаў, да звычайнай непрыхаванай карупцыі. Не сумняваюся, што ўсе кропкі над “і” тут будут пастаўлены...
НН: Але ў выпадку замены часткі Нясвіжскага замку макетам – гэта нагода для ЮНЭСКА выключыць аб’ект са Сьпісу.
Уладзімер Папруга: Так. І я асабіста толькі б вітаў такое рашэньне. Лічу, што гэтай справе трэба надаць міжнародны розгалас. Таму што, на жаль, гэта ці не адзіны спосаб спыніць нарэшце герастратаў Мінкультуры і Мінгарвыканкома, калі мець на ўвазе і сталіцу, бо імпульсы дэструкцыі далей распаўсюджваюцца на ўсю краіну. Пераканаць каго-б там ні было пасьля ў Вітабску ці Гародні што так рабіць нельга і што гэта злачынства - далей папросту не выпадае. Парушана ўсё, што можна сабе ўявіць - працэдура, метадалогія, нарматыўна-прававая база.
Я асабіста перакананы, што б калі нарэшце ўдалося “данесьці” да кіраўніка дзяржавы ўсю праўду аб тым, што насамрэч сёння адбываецца з гісторыка-культурнай спадчынай, гарантам захаваньня якой з’яўляецца дзяржава, і як гэта адаб’ецца на іміджы Адміністрацыі першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ня проста “ў далейшым”, але ў катэгорыях гістарычнай пэрспектывы, ён быў ба моцна расчараваны.Сёння ўвесь працэс абыходжаньня з гісторыка-культурнай спадчынай стараньнямі Мінкультуры проста выведзены з прававога поля, а данесці адэкватную пазыцыю да вышэйшага кіраўніцтва праз “легальныя” СМІ з-за некарэктнага разуменьня апошнімі пытаньняў “паліткарэктнасцьі”, на жаль не выпадае.
Заўважце, калі на пачатку 90-х гадоў у Беларусі спісы гісторыка-культурных каштоўнасьцяў налічвалі каля 19 тысяч аб’ектаў, то ўжо сёння – толькі каля 5 тысяч. Нават Замчышча ў складзе Гістарычнага цэнтру Менску, на тэрыторыі якога сёння ўжо прыступілі да будаўніцтва першага ў краіне “хмарачоса”(!), ў 2006г. было пазбаўлена сваёй найвышэйшай 1 катэгорыі. Калі справы пойдуць так і далей, вельмі хутка іх застанецца 3-2-1 тысяча ... ну а што потым?
Суд гісторыі цяжкі. І як тыя, хто сёння адказны за прыняцьце канчатковых рашэньняў, зьбіраюцца жыць з тым, што з іхняй волі адбываецца, заўтра? І ў якія кошты нашым нашчадкам адліецца нават простая карэкціроўка сённяшняй хаотычна і непадрыхтавана праводзімай горадабудаўнічай палітыкі? АДВОЛЬНА скарочаную газетай гутарку вы можаце пабачыць тут:
Наталка Бабіна, Наша Ніва |
| « Назад | Далей » |
|---|



