| Рэзалюцыя XXVI Сэсіі Рады БНР Пра захаваньне беларускіх гістарычных здабыткаў |
|
|
| Аўтар Рада БНР | |
1. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) прызнае варожай беларускім нацыянальным інтарэсам палітыку пануючай улады ў Рэспубліцы Беларусь (РБ), скіраваную на падаўленьне беларускай гістарычнай памяці. 2. Палітычны рэжым РБ спалучае эканамічную эксплюатацыю Беларусі са зьнішчэньнем, у тым ліку карыстаючыся гаспадарчай матывацыяй, рысаў яе адметнага гістарычнага і культурнага аблічча. Распачатая ў 1994 годзе новая вайна ўладаў супраць беларускай гісторыі сёньня перанесеная на матэрыяльныя здабыткі нацыянальнае спадчыны. Яскравым прыкладам сталася руйнаваньне гістарычнай забудовы Горадні, зьнішчэньне помнікаў у Менску. 3. Рада БНР надае вялікае значэньне захаваньню матэрыяльных сьведчаньняў нацыянальна-культурнай гісторыі краіны. Помнікі, што ствараюць краявід беларускіх местаў і мястэчак, умацоўваюць сьвядомасьць нацыянальна-гістарычнай пераемнасьці беларускай гісторыі. Пасьля нязьлічоных стратаў ад войнаў ды дзесяцігодзьдзяў сыстэматычнай “саветызацыі”, асаблівую каштоўнасьць набываюць захаваныя архітэктурныя ляндшафты з часоў перад захопам беларускіх земляў Расейскай імпэрыяй і перадсавецкіх часоў. 4. Рада БНР зазначае, што адвольныя адміністрацыйныя рашэньні ўладаў выклікаюць востры пратэст сярод грамадзка-актыўных грамадзян, перадусім моладзі. Рада БНР падтрымлівае і высока ацэньвае грамадзянскую мужнасьць змагароў за захаваньне нацыянальнай спадчыны Беларусі. 5. Рада БНР указвае на недапушчальнасьць ужываньня гаспадарчых матываў для зьнішчэньня гістарычных і архэалягічных помнікаў. Няздольнасьць бачыць каштоўнасьць гэтых аб’ектаў для будучыні нацыянальна-культурнага быцьця беларускага народу – яскравае сьведчаньне антынацыянальнага характару сёньняшніх уладаў у Беларусі. 6. Рада БНР нагадвае аб грамадзянскай адказнасьці спэцыялістаў і ўрадоўцаў пры прыняцьці рашэньняў аб захаваньні гістарычнай спадчыны. Пасьля аднаўленьня дэмакратычнага ладу ў Беларусі роля і дзеяньні службовых асобаў РБ у прычыненьні шкоды аб’ектам гістарычнай спадчыны павінны быць прадметам юрыдычнага разгляду, каб вызначыць іх легітымнасьць ды магчымыя падставы для прыцягненьня адпаведных асобаў да судовай грамадзянскай ці крымінальнай адказнасьці. 7. Рада БНР таксама зьвяртае ўвагу беларускіх і замежных інвэстараў-удзельнікаў адпаведных праектаў на рызыку заангажаваньня ў гаспадарчых праектах з палітычным падтэкстам, магчымых на падставе адміністрацыйных рашэньняў ды рэалізаваных насуперак вострым пратэстам грамадзка-актыўных грамадзян, бо вынікі такіх праектаў могуць падлягаць праўнаму перагляду ў будучым. Нью-Ёрк, 3 лістапада 2007 г. |



